
«КРОЎ І РУЖЫ ПАННЫ» Рэцэнзія Дз. Ермаловіча-Дашчынскага на спектакль «Павятовы лекар»
Кроў і ружы Панны
«Мастацтва» № 5 (434) 10.05.2019 — 10.05.2019 г

Пасля прыкрага перапынку родная мова на гомельскай камернай сцэне загучала дзякуючы рэжысёру-авангардысту Юру Дзівакову, лаўрэату V Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі. Ён увасобіў адно з позніх апавяданняў Франца Кафкі «Павятовы лекар» у перакладзе з нямецкай і драматургічнай інтэрпрэтацыі Ірыны Герасімовіч і Давыда Патоцкага.
На галоўную ролю рэжысёр прызначыў свайго alter ego Дзмітрыя Попчанку. Беларускім сцэнічным словам артыст валодае дасканала. Не менш захапляе і акадэмічны вакал Вікторыі Паланцэвіч у ролі Ружы — яна выканала «Gelido in Ogni Vena» з «Фарнака» Вівальдзі (і, падпарадкуючыся рэжысёрскаму вырашэнню, суправодзіла выкананне хваравітымі, неўратычнымі рухамі). Як у традыцыйнай беларускай батлейцы, мастачка-пастаноўшчыца Таня Дзівакова падзяліла паглыбленне сцэны з бліскуча-чорным заднікам на свет горні, са статуяй «Беззаганнае Сэрца Панны Марыі», і дольні, адкуль на карачках з’яўляюцца персанажы. З апраметнай — фурыі ў фальшывых гарнастаях і грыме традыцыйнага ўсходняга тэатра (Ліза Астрахова і Вікторыя Лагута). У адной са сцэн, гуляючы з велізарнай пачварнай галавой-маскай, яны разам стварылі вобраз конюха-д’ябла, працягваючы містычны шэраг парных жаночых персанажаў са спектакляў Дзівакова (царэўны з «Эдыпа» Гомельскага маладзёжнага тэатра, дзвюх Ханнаў з «Горада багоў» Кіеўскага тэатра «Залатыя вароты»).
Іранічнасці візуальнаму свету пастаноўкі надалі крыштальныя свяцільні часоў «брэжнеўскага застою» і жоўтыя лямпачкі на німбе Маці Божай — як на атракцыёнах цырку-шапіто. Глядзельню і экранныя вобразы пацыентаў Дуяноўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната ўраўнялі ў непераадольнай млявасці перад фатумам праз праекцыю (мастак відэашэрагу Яўген Чарняўскі).
На драматычнай сцэне Юра Дзівакоў стварыў відовішча па законах тэатра лялек (цацачныя коні на кіях, пачварныя галовы конюха і бацькоў падлетка, лялькі юнага пацыента і самога лекара ў вобразе немаўляці). У паміраючага, да якога ноччу выехаў Лекар, — агідная рана з чарвякамі, якіх пастаноўшчык ператварыў у развітальныя барвовыя ружы. Нават не абследаваўшы пацыента-хлопчыка, Лекар абвінаваціў ягоную маці ў тым, што яна проста апаіла дзіця каваю (маўляў, каб сын узбадзёрыўся і добра працаваў). Дыялог з падлеткам — умоўнасць, гэта ўнутраны маналог Лекара (ці разумеў той сялянскую гаворку шматнацыянальнай Аўстра-Вугорскай імперыі?). У сакральнай сцэне Лекар нарадзіў не абстрактнае немаўля і не Збавіцеля, а самога сябе. Калі, паводле народнага звычаю, Лекара распранулі і паклалі побач з хворым, ён уратаваў душу хлопчыка, але згубіў сваю. Персанажа падмануў асаблівы час, калі лёгка страціць веру ў чалавека ды прыняць прапанову д’ябла.
Дзівакоў распавёў гісторыю пра абсалютную датклівасць чалавека перад Богам, прызначэннем і гістарычным часам. Не адна д’яблава нявеста, але адразу дзве — Ружа і Лекар у шлюбных уборах — паўсталі перад абліччам хтанічнай Мадонны. І яе вочы, заплюшчаныя цягам усяго дзеяння, адкрыліся і заплакалі крывавымі слязьмі, што для існага верніка — добры знак. Красамоўны фінал напоўніўся дзіцячымі каляднымі гімнамі па-нямецку і бетховенскай одай «Да радасці».
Пастановачны жанр «андантэ» ўвасобіў прыроду самай пяшчотнай, павольнай і плыўнай паводле тэмпарытму пастаноўкі Дзівакова, і шмат у чым гэты рытм задала сама беларуская мова. У чарговым спектаклі на сцэне Гомельскага маладзёжнага тэатра рэжысёр ізноў звярнуўся да хрысціянскага постмадэрну, працягнуў эксперымент і пошук, збольшага заяўлены ў працах «КПД» («Крыжовыпаходдзяцей») паводле Андрэя Іванова ў цэнтры Art Corporation і «Pozory» («З’ява») паводле Юліі Жадоўскай у беластоцкім тэатры «Чэрава».
Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі
Источник: http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&DomainName=mast&id=2257&fbclid=IwAR3REm7ylo7sWIDUazmhhvVMlu-U0F-R4DIj6-KQwsI6knS-vPWrMwdtz4A

