Вы сейчас здесь:  / Наши новости / О нас в СМИ / Не купляйце білеты бяздумна
30077145_163253361003065_8661284882233688064_n

Не купляйце білеты бяздумна

Спажывецкі экстрэмізм стаў адной з самых вострых праблем для вытворцаў тых ці іншых прадуктаў. Са злоўжываннем правамі з боку спажыўца сутыкаюцца ўсе, хто па сваёй прафесіі рэалізуе паслугі і тавары фізічным асобам. Як вядома, беларускія тэатры даўно перакваліфікаваныя ў тэатральна-відовішчныя ўстановы. Сярод цэнтральных патрабаванняў да іх — абслугоўванне насельніцтва. Ці трэба здзіўляцца, што айчынныя калектывы не пазбеглі агульных для рынку цяжкасцяў?

 

На заканадаўчым узроўні тэрміну “спажывецкі экстрэмізм” не існуе, але ў сітуацыю, калі грамадзянін пераўтварае абарону сваіх правоў у магчымасць атрымаць асабістую выгаду, трапляў ці не кожны рытэйлер. З тэатрамі праблема раскрываецца крыху ў іншым ракурсе: узброіўшыся скаргамі, глядач, чые чаканні не супалі з убачаным на сцэне, патрабуе перарабіць спектакль (напрыклад, выключыўшы не ўпадабаную ім мізансцэну) альбо ўвогуле выдаліць назву з афішы. І выпадкаў такіх больш, чым падаецца на першы погляд.

Адзін з апошніх — сутыкненне розных глядацкіх поглядаў на нядаўнюю прэм’еру Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра “Ляцелі арэлі” па аднайменнай п’есе айчыннага драматурга Канстанціна Сцешыка. Наўрад ці рэжысёр Дзяніс Паршын, беручыся за актуальную п’есу, чакаў, што яго пастаноўка стане не толькі нагодай для дыскусій пра жыццё і мастацтва, але і мішэнню для скаргаў.

Паводле п’есы, адзін з цэнтральных вобразаў — 16-гадовая дзяўчына, якой сумна жыць. Праз зносіны з дарослым мужчынам, які таксама заблытаўся ў сваім жыцці, яна шукае хоць якія зачэпкі, каб зразумець, як існаваць далей. І з уласцівай падлеткам катэгарычнасцю бачыць выхад толькі ў смерці.

Вось гэтыя зусім не святочна-балаганістыя развагі і выклікалі абурэнне некаторых гледачоў гомельскага спектакля. Замест таго, каб паспрабаваць зазірнуць у душу разгубленага пакалення, “узрушаныя і неабыякавыя” пачалі пісаць скаргі. У сацсетках можна пабачыць фотакопіі лістоў з савецкім “душком” на тэму “час вяртаць цэнзуру” або “ў храме мастацтва павінны вучыць дабру”. І любімы дылетанцкі аргумент: маўляў, у тэатры павінны забаўляць, а не думаць і адчуваць.

Камусьці падасца, што праблема выскваркі не вартая: не звяртаць увагі на пустыя скаргі ды ўсё. Але ў суседняй Расіі не паспелі азірнуцца, як за апошнія гады незадавальненне асобна ўзятых гледачоў перарасло ў сапраўдны глядацкі экстрэмізм. І сёння натоўпы незадаволеных зрываюць адкрыццё выстаў, дабіваюцца зняцця з рэпертуару нялюбых ім спектакляў, пагражаюць рэжысёрам. Упэўнена, большасць “змагароў за чысціню мастацтва” тых твораў, якім яны абвяшчаюць анафему, у вочы не бачыла, але іх галасоў чамусьці страшэнна баяцца чыноўнікі…

Хочацца верыць, што ў Беларусі падзеі не будуць развівацца па гэтым сцэнары, што нашы адказныя ведамствы будуць абараняць правы грамадства на свабодны доступ да розных формаў і жанраў мастацтва. Тады можна будзе марыць пра новы этап стаўлення да скаргаў. Чаму б не разглядаць іх у якасці зыходнай кропкі для разваг пра законы творчасці, а не як падставу для рэагавання, якое сёння раз-пораз выліваецца ў прыход у тэатр рознага кшталту камісій, разбор палётаў і магчымыя наступствы для калектыву?

А замест эпілога працытую словы акцёра, рэжысёра, драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага:

— Мы ніяк не хочам прызнаваць сацыяльную функцыю тэатра. Ці проста падладжваем яе пад сябе, пад тое, што неабходна нам. Нельга не гаварыць пра праблему, інакш яна ніяк не вырашыцца. Менавіта таму такія п’есы, як “Ляцелі арэлі”, неабходныя сучаснаму тэатру, які хоча гаварыць з гледачом сучаснай мовай. Добрую п’есу рэжысёр можа “прачытаць” некалькімі спосабамі, знайсці мноства рашэнняў. Таму ў размовах з калегамі я чуў розныя інтэрпрэтацыі гэтага тэксту, і ўсе яны пераканаўчыя, самадастатковыя, а гэта азначае, што п’еса сапраўды шматгранная. Новую драму любяць папракаць у чарнусе. Але тут пытанне ў ракурсе погляду. Асабіста я не бачу ў той жа “Ляцелі арэлі” жаху суіцыду, алкагалізму ці чаго-небудзь яшчэ. Для мяне п’еса сутыкае тры розныя пакаленні людзей, калі само жыццё выкідае іх на ўзбочыну, і яны не ведаюць, як далей жыць. Тэатр займаецца чалавекам, таму ў першую чаргу ў гэтай п’есе неабходна бачыць жывую гісторыю. І ў тысячны раз кажу: не купляйце білеты бяздумна, ну прачытайце вы анатацыю! Гэта зойме ў вас роўна адну хвіліну, але потым вы не будзеце расчараваныя.

Апошняе выказванне спадара Дзмітрыя падтрымліваю абедзвюма рукамі. Гледачы пасля спектакля не шкадуюць часу на ўзрушаныя лісты, што дасылаюцца ва ўсе інстанцыі ды ўспеньваюць сацсеткі, патрабуючы “забараніць”, “не дапусціць”, “выключыць з афішы”. А можна было ўсяго толькі папярэдне “загугліць” назву п’есы, імя рэжысёра — і, магчыма, пасля прачытанага выбраць іншы спектакль. А някуплены білет пакінуць іншаму аматару тэатра, які акурат мае патрэбу менавіта ў такой шчырай размове — у пэўнай меры балючай, але менавіта праз гэтае вострае ўспрыманне ачышчальнай. Чамусьці ў нашым грамадстве часта забываюцца на простую ісціну: у чалавека побач могуць быць зусім іншыя запатрабаванні і чаканні да мастацтва. І той, другі, таксама мае на іх права.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА

рэдактар аддзела газеты «Культура»
http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=15151

LEAVE A REPLY

Your email address will not be published. Required fields are marked ( required )

president   president   president   minkult     oblispolkom

Статистика посещаемости сайта

Сайт создан студией Web-дизайн