Вы сейчас здесь:  / Наши новости / О нас в СМИ / Премьеры / «Метад»: гомельскі тэатр паставіў спектакль, дзеля якога варта з’ездзіць у Гомель
EjPLaNfWz3k

«Метад»: гомельскі тэатр паставіў спектакль, дзеля якога варта з’ездзіць у Гомель

Піша тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі.

Прэм’ера спектакля «Метад» у Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры выклікала ажыятаж. Тры спектаклі запар пры поўным аншлагу.

І гэта ў тэатры, які апошнімі гадамі быў амаль што выкінуты на задворкі тэатральнага працэсу. Але прыйшла ў тэатр новая дырэктарка — Алена Маставенка.

Гомельскі маладзёжны тэатр падкрэслена запрашае не на бульварную камедыю, якой штодня частуе публіку бальшыня перыферыйных тэатраў, а заклікае паглядзець сур’ёзную, эстэтычна выразную пастаноўку складанай п’есы сучаснага каталонскага драматурга Жардзі Гальсэрана «Метад Гранхольма». Прычым тэатр акцэнтуе, што гэты еўрапейскі тэатральны хіт ён ставіць першым у Беларусі, а пастаноўшчыкам выступае малады рэжысёр Віталь Краўчанка. Тэатр ішоў на рызыку — і перамог.

Твор Гальсэрана — гэта п’еса-эксперымент, сюжэт якой арганізаваны паводле законаў дэтэктыву. Чатыры персанажы ўдзельнічаюць у сумоўі дзеля атрымання высокай пасады ў багатай фірме. Пераможцам можа быць толькі адзін, але пакуль што трэба адгадаць, хто ж з іх не кандыдат на пасаду, а псіхолаг з аддзела кадраў, які ладзіць эксперымент, трэба ў розных тэстах аргументаваць і даказваць свае перавагі над іншымі. І, што б ні здарылася, застацца ў пакоі да пераможнага канца, бо, паводле правілаў, калі пакінеш пакой, дык выйдзеш і з гульні.

Тэма для нашага часу вострая, бо людзі вымушаныя змагацца за сваё месца пад сонцам, прычым на любых узроўнях: для адных — гэта топ-пасада ў сусветнай фірме, для іншых — гэта прафесарскае крэсла, для кагосьці — праца ў супермаркеце, а хтосьці змагаецца і за месца жабрака ля царквы. Беларусы ў гэтым сёння ўжо не выключэнне. Але ці абавязкова дзеля гэтага пераступаць парог маральнасці, губляць чалавечае аблічча, ператварацца ў пачвару, здзеквацца з іншых сёння, каб заўтра здзекаваліся з цябе? І ўвогуле — ці магчымы свет без маніпуляцыяў свядомасцю асобы?

У пошуку адказаў на гэтыя пытанні рэжысёр Віталь Краўчанка прэпаруе прыроду чалавека, якога заганяюць у кут, у якім ён вымушаны выжываць любым коштам, калі выслабаняюцца з яго схаваныя на самай глыбіні душы інстынкты, жывёльныя пачаткі.

Магчыма, артысты Сяргей Арцёменка (Фернанда Порта), Валерыя Лагута (Мерсэдэс Дэгас), Уладзімір Цітоў (Энрыке Фонт), Яраслаў Кубліцкі (Карлас Буэна), якія вядуць свае няпростыя псіхалагічныя партыі, і не дабраліся аж да самой глыбіні душы. Зрэшты, душа ж бяздонная… Але дакладна тое, што разам з пастаноўшчыкам яны агаломшылі гледачоў праўдай, прымусілі напружана сачыць за сюжэтам аж да фіналу і ўрэшце задумацца над пытаннем: чаму ж мы ўсе такія, ці ёсць мяжа чалавечага падзення?

Рэжысёр Віталь Краўчанка вырашае спектакль у жанры псіхалагічнага трылера. Тым жанры, які даволі рэдкая з’ява ў тэатры, але набыў вялікую папулярнасць у кінематографе. У трылеры ўсё мусіць быць падпарадкавана адзінай мэце — выклікаць у гледача эмацыйную напругу, трывогу, аж да нервовага ўзбуджэння. Пры гэтым эмоцыі павінны развівацца інтэнсіўна, нарастаць услед за дзеяннем, якое імкнецца да разгадкі таямніцы, да катастрофы, што адбудзецца толькі ў самым фінале.

Гэтая задача прачытваецца ўжо на ўзроўні сцэнаграфічнага вобразу спектакля. Рэжысёр і мастачка Крысціна Баранава (дарэчы, яшчэ студэнтка Беларускай акадэміі мастацтваў, майстэрня прафесара Барыса Герлавана) пераносяць дзеянне ў замкнёную, асляпляльна белую (аж да стэрыльнасці аперацыйнага пакоя ў шпіталі) прастору сцэны (падлога, столь, бакавыя кулісы злучаныя ў адно цэлае). Кантрасныя чорныя офісны стол і чатыры офісныя крэслы на колах будуць увесь час у руху, дзеянні разам з героямі. Героі пераважна апранутыя таксама ў чорна-белыя сучасныя касцюмы з яркімі элементамі чырвонага: элегантны камбінезон гераіні, чырвоныя шкарпэткі, гальштук, шлейкі ў мужчын. А на столі — вялікае, у белай пластыкавай раме акно, за якім мы бачым кавалачак блакітнага неба, па якім павольна плывуць аблокі. На стале — ваза з апельсінамі. Строгая колеравая гама: стылёва, элегантна, матывавана зместам і ідэяй спектакля.

Такі прыгожы офіс — гэта насамрэч пекла, чысцец, турма, аперацыйны пакой? Што б гэта ні было, але простага выйсця адсюль няма, і тут не будзе пакаяння. У спектаклі няма станоўчага героя, таму няма і быць не можа і пакаяння. Як, зрэшты, і выніковага прысуду. Фернанда Порта, які, як бліжэй да фіналу высветліцца, і ёсць цэнтральным героем, проста застанецца на сцэне ў самоце і вартым жалю, але не болей…

Спектакль развіваецца імкліва. Эпізоды з выкананнем чарговага задання-тэсту для персанажаў адбываюцца амаль у рэальным часе — кожнае прыкладна па дзесяць хвілінаў. Ад сцэны да сцэны экзекуцыя над персанажамі набывае ўсё больш і больш здзеклівыя, пачварныя формы. Іх прымушаюць прызнавацца ў вельмі інтымных таямніцах, іх пераўтвараюць у клоўнаў, іх заганяюць пад стол, на іх выліваюць вёдры памыяў, праўда, дзякуй Богу, толькі словамі, хоць імавернасць і наўпроставага такога дзеяння лунала ў паветры, а гледачы ўжо былі да гэтага гатовыя. Іспыт на права заняць пасаду ператвараецца ў іспыт чалавечага падзення — у своеасаблівы натуральны адбор, паводле сучасных правілаў і нораваў. Сітуацыя даводзіцца да абсурду, калі апошні тэст не будзе мець увогуле ніякага задання, а жорсткая гульня будзе працягвацца.

Гледачы ўцягнутыя ў дзеянне, яны не могуць перадыхнуць, іх, як у выдатным дэтэктыве, трымаюць без разгадкі аж да апошняй сцэны. Калі ж стамляешся ад шквалу адмоўных эмоцыяў, вочы міжволі адводзіш ад артыстаў, і яны выхопліваюць акно ў столі — акно ў неба, у космас, у найвышэйшую праўду, у справядлівасць, у Боскае. І балюча ўзнікае думка: колькі ж таго жыцця адпушчана чалавеку, каб маральна забіваць сябе і іншых? Адкуль і навошта столькі злосці ў чалавека? Гэтаксама, як выціснуты апельсін выкідваецца ў сметніцу, гэтак і з цябе, калі ты прымеш лютыя правілы гульні, падпарадкуешся ім, а пасля і сам іх будзеш навязваць іншым, выціснуць усе сокі, вып’юць усю кроў і выкінуць на памыйку. Сёння — цябе, заўтра — ты. Ланцуг, які не разарвеш…

Апельсін і стаў цэнтральнай метафарай спектакля, якая не губляецца ад пачатку відовішча (і нават раней, бо той апельсін у сціснутай да пасінення руцэ стаў вобразам на афішы і праграмцы) і да яго фіналу.

Метафарычны, вобразны спектакль існуе як вельмі складаны мэханізм, як разумная машына. Артыстам неабходна ўвесь час каардынаваць тэкст з фізічным дзеяннем, пластыкай, гукавым афармленнем. Да таго ж шматзначныя мізансцэны маюць строгую геаметрыю, і каб яны прачытваліся ды эстэтычна прывабна глядзеліся, ад акцёраў патрабуецца дзейнічаць сінхронна, фіксаваць позы, абыгрываць элементы дэкарацыяў, кантактаваць і з партнёрамі, і з рэквізітам (апельсінамі, сметніцай, мышшу, бутэлькамі з-пад вады). І ім шмат што ўдаецца, яны прыемна ўражваюць сваім стараннем быць дакладнымі ў рэалізацыі рэжысёрскай задумы. Аднак адсутнасць досведу працы ў падобнай стылістыцы і ў такой драматургіі пакуль што адчуваецца. Часам выканаўцы на імгненне апярэджваюць музычны акцэнт, ці адстаюць ад яго, не заўсёды сінхронна рухаюцца, раптам заблытваюцца ў шматслоўным тэксце. Відавочна, што ім не стае і досведу працы ў ансамблі. Так, артыст Уладзімір Цітоў, напэўна, ад адчаю, што не атрымліваецца выканаць задуму рэжысёра, збіваецца на звыклы спосаб існавання, уласцівы традыцыйным для гэтай сцэны бытавым камедыям з характэрнымі ролямі. Разумею, як ім складана існаваць у спектаклі, дзе ва ўмоўнай, сканструяванай сітуацыі трэба выяўляць псіхалагізм і пры гэтым заставацца ў жорсткім мізансцэнічным малюнку.

Тым не меней, артысты змаглі стварыць напружаную атмасферу, трымаць інтрыгу, данесці асноўную думку, выклікаць моц эмоцыяў у гледача. Зараз у іх задача — абжыць ролі, адчуць сябе камфортна ў нязвыклых, складаных мізансцэнах, але не пакідаючы пастановачнае рашэнне рэжысёра. Гэта той выпадак, калі гаворка ад сябе, любы крок убок можа разбурыць усё, што так няпроста далося.

І да высноваў. Першая і галоўная — на новым этапе Гомельскі маладзёжны тэатр заявіў, што хоча і будзе адказваць на выклікі часу, усур’ёз размаўляць пра чалавека. З гледзішча ж прафесіі трупа зрабіла рашучы, магутны крок наперад, да свайго адраджэння. У спектаклі «Метад» артысты і ўвесь пастановачны калектыў прадэманстравалі тое, чаму можна і варта павучыцца многім іхным калегам у больш знаных тэатрах.

Другая выснова важная ўвогуле для беларускага тэатральнага працэсу. Гомельцы даказалі памылковасць палітыкі тых тэатраў, якія дзеля касы робяць стаўку на прымітыўны камедыйны рэпертуар. І наступныя заяўленыя на гэты месяц два паказы «Метаду» маюць перспектыву быць аншлагавымі, у продажы засталіся лічаныя квіткі.

Трэцяя — сучасны тэатр патрабуе адпаведна сучаснага маркетынгу. Паўтаруся, цікавасць публікі да спектакля «Метад» шмат у чым была забяспечаная яго выдатнай рэкламай, якая адпавядала вартасці пастаноўкі.

Чацвёртая — у краіне, дзе востра адчуваецца дэфіцыт рэжысуры і новых мастацкіх ідэяў, з’явіўся цікавы малады рэжысёр Віталь Краўчанка, які ў сваім трэцім спектаклі на прафесійнай сцэне маніфестуе зразумелае бачанне сучаснага тэатру і сваё права ім займацца. «Метад» — гэта ўжо сталая рэжысёрская праца.

Пятая выснова, тычыцца ўласна мяне, — гомельскі спектакль «Метад» стаўся адным з найярчэйшых маіх тэатральных уражанняў апошніх гадоў. Калі не параўноўваць яго з выдатнымі эпічнымі палотнамі Мікалая Пінігіна «Дзве душы» ці «Пан Тадэвуш», дык «Метад» — сярод лідараў айчыннай сцэны.

Zb2_surkjLYYw9EdtRjEccEM_9TNRSJ0Y

_Bi37eS5PBU

Вячаслаў Ракіцкі, фота Яўгена Чарняўскага

nn.by/articles/193753/

LEAVE A REPLY

Your email address will not be published. Required fields are marked ( required )

Свежие комментарии

Статистика посещаемости сайта

Сайт создан студией Web-дизайн