Вы сейчас здесь:  / Наши новости / О нас в СМИ / Дарослая няўпэўненасць у Гомельскім маладзёжным тэатры: Аляксей Стрэльнікаў пра спектакль «Ляцелі арэлі»
-vga0-VnWTc

Дарослая няўпэўненасць у Гомельскім маладзёжным тэатры: Аляксей Стрэльнікаў пра спектакль «Ляцелі арэлі»

Прэм’ера п’есы Канстанціна Сцешыка «Ляцелі арэлі» ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры чакана зрабілася прычынай скандалу. Частка публікі ў сацыяльных сетках і пісьмовых водгуках на спектакль выказалася катэгарычна супраць спектакля, былі нават заклікі пісаць звароты ў Міністэрства культуры: «Гэта разбурае псіхіку моладзі, яна і так падарваная».

«Чаму бюджэтныя грошы расходуюцца на прапаганду гвалту, суіцыду, разбэшчвання малалетніх і асацыяльных паводзінаў».

-z0ptc

Жорсткая праўда ў тым, што дзеля таго, каб перапыніць «гвалт, суіцыды, разбэшчванне малалетніх і асацыяльныя паводзіны», робіцца вельмі шмат, але недастаткова. Менавіта таму тэма здаецца такой балючай і дыскусія ў сацыяльных сетках сягае за сотню каментароў. Дырэктар тэатра, акцёры і многія гледачы адстойваюць сваё права на шчырую размову, вынікам якой можа зрабіцца якраз новыя шляхі для рашэння складаных праблем.

Як правільна разумець смерць?

Канстанцін Сцешык — адзін з самых вядомых прадстаўнікоў новай хвалі беларускай драматургіі. Сучасных беларускіх драматургаў сапраўды часта папракаюць у чарнушнасці, але для тых, хто клапаціцца, каб тэатр адказваў на важныя выклікі сённяшняга дня, такога пытання не ўзнікае.

П’есу Сцешыка «Запалкі» для малой сцэны ўпадабаў нават Мікалай Пінігін, хаця, трэба прызнаць, прэм’ера ў Купалаўскім тэатры не зрабілася поспехам. А вось у гомельскай пастаноўцы, на маю думку, рэжысёрам і акцёрам удалося падабраць правільныя ключыкі да сучаснага аўтара.

Але каб завяршыць тэму дыскусіі вакол гомельскага спектакля, то яна цікавым чынам паўтарае калізію самой п’есы. Адна са шматлікіх сюжэтных ліній п’есы пра 16-гадовую дзяўчыну Ксенію з суіцыдальнымі схільнасцямі, якая шукае сустрэч з дарослым мужчынам Стасем. Пры знаёмстве ён падзяліўся з ёй творчасцю групы «Грамадзянская абарона», і Ксеніі падалося, што менавіта такі чалавек дапаможа ёй звесці рахункі з жыццём. Чаму? Таму што, яна так лічыць, гэта песні пра смерць.

sq0vivkjjci-hhzbk

 

Стась так не лічыць, для яго творчасць Летава — пра каханне і жыццё (у спектаклі шмат разоў тое падкрэсліваецца). «Ты ўсё няправільна зразумела,» — кажа ён Ксеніі. «А ты ўпэўнены, што сам правільна зразумеў?» — перарывае дзяўчынка, і ўвесь спектакль і п’еса, уласна кажучы, пра гэта.

Гульня ў даросласць

Галоўны выканаўца ролі Стася Зміцер Попчанка цудоўна трапляе ў свайго персанажа. Мне «пашэнціла» сядзець побач з гледачом, які ўспрымаў дзею нават занадта эмацыйна, хіхікаючы і каментуючы самыя жвавыя моманты. Вось Ксенія прапануе Стасю яе забіць, я чую збоку нервовы смяшок і каментарый кшталту: «Класна прыдумала…» І праз імгненне той жа смяшок і саркастычная рэпліка: «Які магутны план!..» — гучыць ужо са сцэны. Тое, якім яго грае Дзмітрый Попчанка, Стась цалкам увасабляе сабой пакаленне 30-гадовых. Новая драма, прадстаўніком якой называлі Канстанціна Сцешыка, прамаўляла лозунг «Шукаю героя!». Героя тады не знайшлі, але персанажы навадрамных п’ес пасталелі і зрабіліся дарослымі ў свеце, дзе даросласць лічыцца ці не самай важнай каштоўнасцю. Спектакль правільна назваць такой гульнёй у дарослае жыццё.

 

_u5x5n0vj4a-8i4ar

Рэжысёр Дзяніс Паршын рабіў чытку гэтай п’есы ў рамках конкурсу беларускай драматургіі «Writebox», спектакль таксама зроблены ў манеры рэжысёрскага эскізу. Героі з крэйдай у руках пазначаюць на сценах, дошках, драўляных кубах месца дзеяння, свае думкі ці, напрыклад, паленне цыгарэт. Спектакль складаецца з ланцужка гульнявых эпізодаў, хоць некаторыя здаюцца зацягнутымі. Але менавіта гэтая ўмоўнасць разнявольвае акцёраў, яны гуляюцца паміж сабой і раптам самастойна ў ключавых эпізодах знаходзяць інтанацыю, без якой сучасная п’еса гучыць так бездапаможна, якая так цяжка даецца артыстам, што прызвычаіліся да прынцыпова іншай манеры выканання. Як гульня ў тэатр становіцца сапраўдным тэатрам, так і гульня ў даросласць галоўнага героя робіць яго сапраўдным дарослым.

Смеласць застацца разгубленым

Галоўны канфлікт Стася да даросласці цягнецца з дзяцінства, са складаных, не вырашаных адносін з бацькам. Цягам п’есы ён увесь час цягнецца да яго ў дом састарэлых, прамаўляе доўгія маналогі, якія можна прыняць за споведзі. Цягнецца, але адначасова не хоча зрабіцца такім самым. Але якім быць? Стась не хавае сваёй разгубленасці, ён сапраўды няўпэўнены ў тым, што робіць.

Менавіта гэтая шчырая разгубленасць Стася становіцца аргументам, быццам няма ніякага жыцця і любові. Заблытанасць у стасунках з сям’ёй, з бацькам, з сябрамі — усё гэта вельмі лёгка прызнаць слабасцю, якую вельмі лёгка рассекчы адным «моцным» суіцыдальным ударам. Менавіта такой рэзкай і канкрэтнай робіць сваю Ксенію актрыса Святлана Жукава. Усё становіцца на месцы, калі мы ўсведамляем, што гэта логіка 16-гадовай дзяўчынкі, якая назірае складанасці дарослага жыцця звонку. А Стась, які сапраўды іх перажывае, не толькі мае волю змагацца са сваімі складанасцямі, адстойваць сваю праўду, але і бярэ на сябе цяжар адказнасці за слабасці іншых.

rafgp-8kul4-zi4kk

Спектакль заканчваецца на пахаванні Ксеніі, яе маці (дарэчы, цудоўная праца ў спектаклі артысткі Лізы Астраховай, якая грае адразу некалькі роляў) просіць праспяваць Летава, і Стась зацягвае песню пра арэлі. Музыка, якая ўспрымалася як нешта, што штурхае да смерці, дапамагае гэтую смерць перажыць. І што яшчэ важней, дапамагае перажыць яе разам.

Мне здаецца, у гэтым галоўны сэнс спектакля. Невырашальнымі праблемы застаюцца, калі мы застаёмся з імі сам-насам. Сапраўдным дарослым трэба лічыць таго, хто гатовы прыадкрыцца незнаёмым людзям, несці з імі іх ношу, быць гатовымі да цяжкіх і непрыемных размоваў. Таму ўвесь гэты спектакль Маладзёжнага тэатра можна назваць прыкладам дарослага, смелага ўчынку, за які калектыву тэатра трэба сказаць «дзякуй».

Аляксей Стрэльнікаў

https://m.nn.by/articles/207666/

LEAVE A REPLY

Your email address will not be published. Required fields are marked ( required )

Статистика посещаемости сайта

Сайт создан студией Web-дизайн