Обобщающая рецензия о выступлении театра в рамках V Национальной театральной премии

Пишет театральный критик, кандидат искусствоведения
Вячеслав Ракицкий:

Жывы тэатар

Пасьляслоўе да “малых гастроляў” у Менску  Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру

Адно зь безумоўных дасягненьняў Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў тым, што гэты конкурс даў магчымасьць пэрыфэрыйным тэатрам паказаць сваю творчасьць сталічнай публіцы і спэцыялістам — тэатральным крытыкам, пэдагогам, рэжысэрам. Пачуць ад іх камплімэнты і заўвагі, зразумець правільнасьць ці памылковасьць сваіх пошукаў, а затым, калі хопіць цьвярозасьці, папрацаваць над памылкамі, каб рушыць далей. Гэтая прэмія, паводле мяне, — ня толькі і ня столькі барацьба за ўзнагароды, колькі магчымасьць выйсьці з замкнёнай прасторы свайго гораду, сваёй трупы.

 

Такой магчымасьцю напоўніцу скарысталася дырэктарка Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру Алена Маставенка, якая цягам двух апошніх гадоў настойліва, творча выцягвае свой тэатар з таго тупіковага стану, у які ён з розных прычынаў патрапіў. Гэта так: яна падымае тэатар амаль што з попелу. І гэта ўжо фантастычнае дасягненьне – аж тры спэктаклі Гомельскага моладзевага тэатру сталі намінантамі ў шэрагу катэгорыяў сёлетняй Нацыянальнай прэміі. Гэта быў разумны ход дырэктаркі: паказаць у Менску ўсе тры спэктаклі запар, цягам трох вечароў на адной з папулярных сталічных пляцовак – на сцэне Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі. Атрымаліся па-сутнасьці малыя гастролі тэатру, на якія ў наш час цяжка рызыкнуць з гледзішча фінансавага і арганізацыйнага. І мы, як спэцыялісты, гэтак і аматары, правялі з гамельчукамі тры нясумныя вечары.

 

Я ўважліва ўсе гэтыя два гады сачу за тым, што адбываецца ў Гомельскім моладзевым тэатры. І сьведчу – гастролі адбыліся больш, чым удалыя. Яны сталі своеасаблівай справаздачай зробленага. Тэатар даказаў, што ён – ЖЫВЫ, што з творчага боку ён – адзін з самых цікавых тэатраў краіны. Натуральна, праблемаў хапае. Але (гэта маё асабістае меркаваньне) трупа на правільным шляху. І вось чаму.

"Мэтад" (фота з архіву Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру)
«Мэтад» (фота з архіву Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру)

Рэпэртуар

 

Сфармаваная разнастайная афіша, арыентаваная найперш на гарадзкую моладзь, сур’ёзную размову зь ёй. У Менску мы ўбачылі сучасную, вострую драму беларускага драматурга Канстанціна Сьцешыка “Ляцелі арэлі”, старажытнагрэцкую трагедыю “Эдып”, актуальную заходнеэўрапейскую п’есу Жардзі Гальсарана “Мэтад Гранхольма”. Іх выбрала ў якасьці намінантаў на прэмію і адпаведна дзеля паказу ў сталіцы прафэсійнае журы. Ужо цікава. А дадам яшчэ, што ў рэпэртуары тэатру ёсьць нядаўна пастаўленая псыхалягічная драма “Каралева прыгажосьці” аднаго з самых модных у сьвеце драматургаў Марціна Макдонаха. Гэтыя чатыры спэктаклі і  вызначаюць дамінанту тэатру. Але на афішы разумна аддадзеная даніна і камэрцыйнаму тэатру. У рэпэртуары некалькі камэдыяў, сярод якіх вылучаюцца сьвежыя пастаноўкі заходніх шлягераў – “Дзіўная місіс Сэвідж” Джона Патрыка і “Bad Boys” Рэя і Майкла Куні. Сбалансаванасьць  і якаснасьць рэпэртуару!

"Ляцелі арэлі" (фота з архіву Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру)
«Ляцелі арэлі» (фота з архіву Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру)
Рэжысура

Пры поўнай адсутнасьці ў штаце сваіх рэжысэраў і нават мастацкага кіраўніка дырэктарка тэатру Алена Маставенка запрашае на пастаноўкі найперш маладых рэжысэраў, якія ўжо  цікава (кожны па-свойму) заявілі пра сябе ў розных тэатрах краіны. Сёньня Гомельскі моладзевы тэатар стаў пляцоўкай для творчых зьдзяйсьненьняў (і выніковых!) маладых беларускіх рэжысэраў.

Пачала Маставенка рабіць новы тэатар з запрашэньня на пастаноўку Віталя Краўчанкі — вучня Мікалая Пінігіна. Менавіта зь ягонай пастаноўкі спэктакля “Мэтад” паводле драмы Гальсэрана і варта адлічаваць новы этап у жыцьці тэатру. Ён жа паставіў і “Каралеву прыгажосьці” Макдонаха. Рэжысэр працуе ў клясычных формах псыхалягічнага тэатру, дзе ўся ўвага сканцэнтраваная на акторы. Абодва спэктаклі пастаўленыя ў жанры псыхалягічнага трылеру. І маюць посьпех у гледачоў розных узростаў і рознага сацыяльнага статусу. За год “Мэтад” сыграны 42 разы і найчасьцей пры аншлягах!

Рэжысэр Дзяніс Паршын адкрыта адрасаваў сваю пастаноўку п’есы “Ляцелі арэлі” Сьцешыка моладзевай аўдыторыі, інтэрнэт-пакаленьню зь іхнымі рок-кумірамі і зь іхнымі тупіковымі псыхалягічнымі станамі. Спэктакль прываблівае моладзь яркай сучаснай формай, псыхалягічна вострым канфліктам. Спэктакль не пазбаўлены пэўных хібаў. Адчуваецца барацьба рэжысэра з п’есай, якой, як па мне, не хапае драматычнай зладжанасьці, а таму гісторыя часам заблытваецца, сюжэт часам разрываецца. Але шчырасьць выканаўцаў і яркая форма не пакідаюць гледача абыякавымі.

Выглядае слушным і запрашэньне на пастаноўку Юрыя Дзівакова, чые эфэктныя на мяжы з псыхадэлікай спэктаклі выклікаюць спрэчкі, а то і скандалы. Падзяліў у ацэнках ягоны гомельскі “Эдып” і спэцыялістаў у часе паказу гэтымі днямі ў Менску. Меркаваньні ў кулюарах выказваліся рэзка супрацьлеглыя. Асабіста я крытычна стаўлюся да такой рэжысуры, пра што ўжо выказаўся ў фэйсбуку. Але спэктакль натуральным чынам упісваецца ў афішу маладога, жывога тэатру. Гэта зусім нядрэнна, калі вакол спэктаклю ўзьнікаюць спрэчкі. Як найменей, гэта дадае папулярнасьці тэатру. У “Эдыпа” Дзівакова ёсьць свая публіка ў Гомлі, менская моладзевая публіка таксама вітала пастаноўку аплядысмэнтамі. Аддаю павагу артыстам, якія з энтузіязмам працуюць у новай для іх рэжысуры.

Думаю, з гэтае прычыны, каб паглядзець спэктаклі новай генэрацыі беларускай рэжысуры, са сьвежым бачаньнем сьвету і ў цікавых формах пачалі езьдзіць у Гомель тэатралы зь іншых гарадоў краіны, пераважна, зь Менску. Я некалькі разоў сам езьдзіў у Гомель на іхныя прэм’еры. І бачыў там і артыстаў, і крытыкаў, і звычайных тэатралаў са сталіцы. Працэсы ў тэатры, які актыўна адраджаецца, заўважылі тэатразнаўцы, крытыкі, журналісты. Ніводзін тэатар Беларусі ня меў за апошнія гады столькі рэцэнзіяў, інтэрвію, водгукаў, нататак у прэсе, як Гомельскі моладзевы тэатар!

"Эдып" (фота з архіву Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру)
«Эдып» (фота з архіву Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру)
Цікавая трупа

Вельмі важнае: у гэтым невялікім тэатры фармуецца цікавая трупа. Я ўжо раней заўважыў і адзначаў у сваіх рэцэнзіях такіх актораў, як вопытная Галіна Анчышкіна (яе ролю ў “Каралеве прыгажосьці” лічу ўвогуле адной з самых яркіх на сучаснай сцэне Беларусі апошніх гадоў), як маладыя Валерыя ЛагутаЯраслаў КубліцкіСяргей Арцёменка. Апошні, праўда, нядаўна перабег у Гомельскі абласны тэатар, але працягвае граць і на моладзевай сцэне. Яны выдатна паказаліся і ў Менску. Тут адкрыцьцём для мяне, найперш у спэктаклі “Ляцелі арэлі” стаў малады актор Дзьмітры Попчанка. Важна, вельмі важна, што яны маюць магчымасьць працаваць у рознай рэжысуры, розных жанрах і стылях. Там, дзе не хапае майстэрства ці паразуменьня з пастаноўшчыкам, іх ратуе шчырасьць, апантанасьць працай, задзірлівасьць. Трупа набывае свой адметны твар. Зрэшты, гэта ў кулюарах я чуў і ад бальшыні спэцылістаў, сярод якіх, што важна, вопытныя пэдагогі з Акадэміі мастацтваў.

***

Гастролі Гомельскага моладзевага тэатру ў Менску ў межах Нацыянальнай тэатральнай прэміі прайшлі зь безумоўным посьпехам. Пацьверджаньнем таму – запоўненая ўсе тры вечары заля РТБД. Ці атрымае тэатар, натуральна ж, жаданую Прэмію (а я лічу, што ў адной-дзьвюх намінацыях тэатар канкурэнтназдатны з акадэмічнымі калектывамі) – гэта сёньня ўсё ж ня так важна. Важна, каб тэатар адчуў, што ён ідзе сваім, а значыць, правільным шляхам. Спадзяюся, што і ў трупы, і ў іхнай кіраўнічкі хопіць мудрасьці зразумець таксама і відавочныя памылкі, папрацаваць над імі і ісьці далей.

Вячаслаў Ракіцкі

Источник: https://rakicki.jimdo.com/2018/12/13/жывы-тэатар/?fbclid=IwAR0icZbXeDbasKlvU6VYOwk0YTEq7gEao3NUWl98aX8E2nZ2BGcwkKGHJ74

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *