Гісторыя

 

Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр быў заснаваны як першы ў Беларусі прыватны «Незалежны тэатр» па ініцыятыве і на сродкі маскоўскага прадпрымальніка, мецэната, гамяльчаніна Рыгора Фігліна. Адкрыццё тэатра адбылося 13 кастрычніка 1992 года спектаклем паводле п’есы Станіслава Страціева «Падарожнікі ў ночы» (рэжысёр – мастацкі кіраўнік тэатра Якаў Натапаў). Трупу тэатра складалі акцёры Святлана Дубровіна, Юрый Фейгін, Валянцін Кастэнка, Эльвіра Бацянкова, Андрэй Троіцкі, Сяргей ЧугайГаліна Анчышкіна, Таццяна Булгакава.

Пасля трагічнай смерці заснавальніка тэатра ў 1995 годзе арганізацыйныя і фінансава-эканамічныя пытанні ўзяла на сябе яго сястра Галіна Шофман, якая кіравала тэатрам да 2003 года.

 

У 1996-1998 гадах мастацкім кіраўніком тэатра быў Андрэй Троіцкі. Трупа зрабіла стаўку на інтэлектуальную сучасную расійскую і замежную драматургію. Шматлікія спектаклі пачалі насіць эксперыментальны характар, вылучацца камернасцю ў мастацкім афармленні і акцёрскай выканальніцкай манеры. Гэта «Святыя пачвары» Жана Както, «Гульня каралёў» Паўла Кагоўта, «Дом для зачаццяў» Ксеніі Драгунскай, «Амфітрыён» Петэра Хакса, «Браты і Ліза» Аляксея Казанцава, «Афінскія вечары» Пятра Гладзіліна, «Кабарэ-Інферно» Жан-Поля Сартра, «Гіпнатызёр» Васіля Сігарава, якія ставілі: Якаў Натапаў, Валерый Бартосік, Дзмітрый Саладуха, Валянцін Варэцкі, Генадзь Мушперт, Дзмітрый Марынін, Уладзімір Караткевіч, Андрэй Троіцкі. Гэта рэжысёры, якія добра валодаюць вастрынёй формы, паліфанічнасцю раскрыцця тэмы.

 

У 1998 годзе, пасля фінансавага крызісу, паўстала пытанне аб закрыцці тэатра. Тады на просьбу артыстаў пад апеку і на бюджэт горада тэатр ўзяў старшыня Гомельскага гарвыканкама Аляксандр Якабсон. З 1999 года тэатр стаў дзяржаўным і атрымаў назву «Гомельскі гарадскі маладзёжны эксперыментальны тэатр-студыя». У 2000-2001 гадах на пост галоўнага рэжысёра быў запрошаны Дзмітрый Саладуха. Дзяржаўная падтрымка дала магчымасць пашырыць штат тэатра, папоўніць яго прафесіянальнымі спецыялістамі, у першую чаргу павялічыць акцёрскую трупу. Гэта дазволіла ўпэўнена глядзець у будучыню і рэалізоўваць творчыя задумы. У гэты перыяд ставяцца спектаклі: «Сямейны альбом» Надзеі Птушкінай, «Цёмная гісторыя» Пітэра Шэфера, «Паляванне на пацукоў» Петэра Турыні і іншыя.

 

У 2003 годзе тэатр узначаліла Валянціна Маісеенка. Пашыраецца рэпертуар, ставяцца камедыі, меладрамы, псіхалагічныя п’есы, казкі для дзяцей. Гэта «Вельмі простая гісторыя» Марыі Ладо, «Тры жонкі – дасканаласці» Алехандра Касоны, «Мараль пані Дульскай» Габрыэлы Запольскай, «Не такі, як усе» і «Нараджэнне» Аляксея Слапоўскага, «Неўтаймаваны дух» Паўла Кагоўта і іншыя. Знаходзяць годнае месца ў рэпертуары і п’есы беларускіх аўтараў: «Кім» Аляксея Дударава, «Такая доўгая навальніца» Святланы Бартохавай. З тэатрам супрацоўнічаюць рэжысёры Валерый Бартосік, Андрэй Бакіраў, Вітаўтас Грыгалюнас, Андрэй Гузій, Якаў Натапаў, Кірыл Панчанка, Рыд Таліпаў.

 

У верасні 2007 года дырэктарам-мастацкім кіраўніком тэатра прызначаны заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Чэпелеў. Пад яго кіраўніцтвам тэатр пачаў новы этап сваёй гісторыі. Пастаўлены спектаклі, якія прыцягнулі ў тэатр гледачоў розных пакаленняў і поглядаў: «Шалёныя грошы» Аляксандра Астроўскага, «Я стаю ля рэстарана: замуж – позна, падохнуць – рана» Эдварда Радзінскага, «№ 13» Рэя Куні, «Вячэра з дурнем» Франсіса Вебера і іншыя. Паспяхова засвойваюцца спектаклі на беларускай мове. Спектакль «Залёты» паводле п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, пастаўлены да 200-годдзя з дня нараджэння класіка, атрымаў грант, а літаратурна-драматычная кампазіцыя да 65-годдзя Вялікай Перамогі «Я не ўдзельнічаю ў вайне, яна ўдзельнічае ўва мне» ў рэжысуры Галіны Анчышкінай — спецыяльнай прэміі Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

Для пастановак запрашаюцца рэжысёры Валерый Баркоўскі, Рыгор Баравік, Юрый Вута, Аляксандр Гарцуеў, Міхаіл Краснабаеў. Ставіць спектаклі мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Чэпелеў. Тэатр прымаў удзел у шматлікіх фестывалях і пабываў на гастролях у Францыі, Польшчы, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Вялікім Ноўгарадзе, Чарнігаве, Мінску, Маладзечна, Бабруйску, Віцебску.

У 2008 годзе рашэннем Гомельскага гарвыканкама тэатр атрымаў новую назву «Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр», а па выніках працы за 2008 год калектыў тэатра стаў пераможцам у намінацыі «Найлепшая тэатральна-відовішчная ўстанова» з занясеннем на Дошку гонару Гомельскай вобласці; у 2009 годзе тэатр быў прызнаны найлепшай установай культуры горада Гомеля і атрымаў памятны знак.

У 2010 годзе прыходзіць новы дырэктар-мастацкі кіраўнік Юрый Вута. Пад яго кіраўніцтвам тэатр атрымаў новы імпульс да творчага развіцця, надаючы асаблівую ўвагу беларускай драматургіі ў фарміраванні рэпертуара. Выпускаюцца спектаклі: «Некамедыя» Уладзіміра Рудава, «На другі дзень» Янкі Купалы, «Букет для ўнука» паводле п’есы Васіля Ткачова і Юрыя Вуты, «Дарагая Алена Сяргееўна» Людмілы Разумоўскай, «Ноч Гельвера» Інгмара Вілквіста, «Аварыя» Фрыдрыха Дзюрэнмата, «Маркітантка Ганна Фірлінг» паводле п’есы Бертольда Брэхта і іншыя.

 

Сезон 2016/2017 гг. стаў пераломным момантам у гісторыі тэатра. Зноў мяняецца кіраўніцтва. Ад студзеня 2017 года тэтрам кіруе Алена Маставенка.

У лютым 2021 года ў тэатры з’явіўся мастацкі кіраўнік —  Віталь Краўчанка

На дадзены момант у трупе тэатра 19 акцёраў: Галіна АнчышкінаСяргей АрцёменкаЛіза АстрахаваДзіана ВозчыкаваНаталля ГолубеваКараліна ДраздоваСвятлана ЖукаваНаталія ЗадорынаАляксандр ІльінскіПавел КанёкЯраслаў КубліцкіВалерыя ЛагутаВікторыя ПаланцэвічАляксей Стрэльчанка, Віктар Тулупаў, Яўген Хромаў, Ірына ЧарняўскаяСяргей Чугай, Ірына Шапецька. Невялікая, але працаздольная трупа фарміруе творчы твар Маладзёжнага тэатра ў адпаведнасці з арыенцірамі сучаснага тэатральнага мастацтва. Да супрацоўніцтва запрашаюцца маладыя перспектыўныя беларускія рэжысёры Віталь КраўчанкаДзяніс ФёдараўДзяніс ПаршынЮрый Дзівакоў. Упершыню ў Беларусі пастаўлены спектаклі «Метад» Жордзі Гальсерана, «Адна Лізавета…» Дарыё Фо, «Ляцелі арэлі» Канстанціна Сцешыка, «Вырадак» Марыюса фон Маенбурга, «Фанаткі» Радзівона Бялецкага, «Сем сноў пра цябе» Кіры Малінінай, «Блытаніна» Аляксея Макейчыка, «Тата» Фларыяна Зэлера; у рэпертуар тэатра ўвайшлі такія высокакласныя творы сусветнай драматургіі і літаратуры, як «OEDIPUS» (Эдып) Сафокла, «Каралева прыгажосці» Марціна МакДонаха, «Павятовы лекар» Франца Кафкі, «Дзядзька Ваня» Антона Чэхава. У 2018 годзе спектакль «Метад» Жордзі Гальсерана стаў лаўрэатам V Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» ў намінацыі «Найлепшы спектакль тэатра драмы малой формы».

Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр пракладвае ўласны творчы шлях, ідучы ў адну нагу з часам, імкнецца да адраджэння духу і атмасферы, якія панавалі тут ад пачатку існавання тэатра, у імя якіх ён і быў створаны.